СУЛТА́Н МУХА́МЕД (канец 1470-х г., г. Тэбрыз, Іран — 1555),
іранскі мініяцюрыст, кіраўнік тэбрызскай школы мініяцюры. Вучыўся ў Ага Мірэка. Працаваў у шахскай б-цы, займаўся маст. выхаваннем шаха Тахмаспа I. Аформіў рукапісы «Дыван» Хафіза (канец 1520-х г.), «Шахнамэ» Фірдаўсі (1526—27), «Хамсэ» Нізамі (1539—43), мініяцюры якіх вызначаюцца дынамічнасцю і вытанчанай гармоніяй кампазіцыі, дэкаратыўнасцю каларыту, рэаліст. выразнасцю пейзажаў, поз і жэстаў людзей і жывёл. Аўтар шматлікіх партрэтных мініяцюр, эскізаў дываноў з выявамі сцэн палявання, ювелірных і керамічных вырабаў.
Літ.:
Керимов К. Султан Мухаммед и его школа. М., 1970.
т. 15, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)